У Горадні гісторыкі байкатуюць афіцыйную канфэрэнцыю
Автор: harodnia.com
Рубрики:
новости, история, Гродно, культура
Тым самым яны выказваюць салідарнасьць з выкрасьленымі са складу ўдзельнікаў «нячэснымі» дасьледчыкамі: Алесем Краўцэвічам і Алесем Смаленчуком.
10 красавіка ў мурах Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы мае прайсьці канфэрэнцыя, прысьвечаная 880‑годзьдзю Горадні.
Як паведамляў сайт nn.by cа складу ўдзельнікаў былі выкрасьленыя «нячэсныя гісторыкі»: Алесь Смалянчук і Алесь Краўцэвіч.
8 красавіка справа атрымала працяг.

Як паведаміў nn.by Павал Мажэйка, некалькі гісторыкаў — Генадзь Сагановіч, Андрэй Кіштымаў, Вольга Сабалеўская, Эдуард Мазько, Іна Соркіна, Андрэй Чарнякевіч, Анатоль Трафімчык, Віталь Карнялюк, Сяргей Токць, Юры Гардзееў – у знак пратэсту супраць выкіданьня Краўцэвіча і Смаленчука вырашылі адмовіцца ад удзелу ў канфэрэнцыі.
Пра гэта яны паведамілі на імправізаванай прэс-канфэрэнцыі, што прайшла ў аўторак у другой палове дня. Паводле меркаваньня гісторыкаў, сьпіс тых, хто адмовіўся, будзе расьці. Яшчэ больш за дзесяць гісторыкаў не далучыліся да салідарнай заявы — іхнае становішча з розных прычынаў ім таго не дазваляе, — аднак прагаласуюць нагамі, г.зн. проста не прыедуць на канфэрэнцыю. Сярод іх таксама і супрацоўнікі Інстытуту гісторыі, ВНУ і музэяў.
Гісторыкі заяўляюць, што «адмаўляюцца ад удзелу ў канфэрэнцыі ў знак салідарнасьці з Алесем Краўцэвічам і Алесем Смаленчуком, якіх выдалілі са сьпісу ўдзельнікаў канфэрэнцыі».
Андрэй Чарнякевіч, які выступаў ад імя гэтых гісторыкаў, зазначыў, што Смалянчук і Краўцэвіч шмат зрабілі для дасьледаваньня і абароны Горадні, і выдаленьне іх абуральнае, пагатоў канфэрэнцыя адкрытая і ўзяць удзел у ёй можа любы дасьледчык.
Таксама былі скрытыкаваныя закіды наконт палітызаванасьці меркаваных выступаў Смаленчука і Краўцэвіча. Алесь Смалянчук, напрыклад, падаў тэму дакладу «Горадня на старонках «Нашай Нівы».
У прыватнай гутарцы Алесю Смаленчуку сказалі, што рашэньне пра выкіданьне прымалася не кіраўніцтвам Гарадзенскага ўнівэрсытэту, а аддзелам ідэалёгіі гарвыканкаму.
У той жа час у размове з гісторыкамі начальнік ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму Сяргей Дубавец (цёзка знанага публіцыста) заявіў, што нічога ня ведае аб матывах адмовы і выказаў меркаваньне, што рашэньне аб выключэньні гісторыкаў было прынята ва ўнівэрсытэце. Ён парадзіў схадзіць да намесьніцы старшыні гарвыканкаму Сенчанковай. Да тае гісторыкаў, натуральна, не пусьцілі.
Затое ў ідэалягічным аддзеле гісторыкі пачулі сакрамэнтальнае: «Такія гісторыкі з такімі ведамі нашай краіне непатрэбныя».
Варта адзначыць, што начальнік ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму сам выпускнік гарадзенскага гістфаку. У 90-я ён пісаў патрыятычныя артыкулы ў навуковыя зборнікі.



jerzyk:
14:15, 09.04.2008
Такое адчуваньне, што гэтай краіне ўвогуле непатрэбная сумленная інтэлігенцыя… Але гісторыкі добра пляснулі па мордзе ідэалягічным ашуканцам!
сплюх:
23:12, 09.04.2008
Эх… Не видна взгляду темная сторона.
keller:
1:37, 10.04.2008
Чаму не бачна, усе бачаць цёмны бок улады. Цікава, што чынавенства лічыць сябе нашай радзімай. Нейкія дзядзькі ды цёткі ў пінжаках, якія грошы атрымліваюць з нашых падаткаў, паводзяць сябе як гаспадары і выступаюць ад імя краіны. У асаблівасці ідэёлагі. Гэта наогул нешта незразумела-непатрэбнае грамадству, толькі на прыбіральню зарабляюць - ядуць ды пьюць за наш кошт. Трэба неадкладна рэарганізоўваць сістэму ўлады, і гэтых сталаўнікоў не проста гнаць, а прыцягнуць да адказнасці за нанясенне шкоды дзяржаве Беларусь у асабліва буйным памеры.
наталля:
23:02, 10.04.2008
Удзельнічаць у канферэнцыях гродзенскага гістфаку даўно ўжо лічыцца непрыстойнай справай сярод прафесійных гісторыкаў. Ян вырозніваюцца нізкім навуковым ўзроўнем і нецікавым зместам, неадпаведнай арганізацыяй.
Наша балота – гродзенскі гістфак – вырашыў, што ён мясцовы Гарвард, і гэта дало яму падставы “вылучыцца”. Гэты “гіперінтэлектуальны цэнтр гістарычнай навукі” ар’ергард сельскай школы раптам ашалеў і стаў гуляць у апазіцыйных гісторыкаў, як быццам бы там ёсць каму гэта рабіць, быццам бы яны дасягнулі ўзроўня В. Ластоўскага, Улашчыка, Пічэты. Ой не трэба нават узгадваць гэтыя імёны побач з …, каб не забрудзіць. Хто для іх апазіцыя Алесь Смалянчук і Алесь Краўцэвіч. Можна дакладна сказаць, што на гістфаку сёння няма нікога, хто б больш за іх зрабіў для беларускай гістарычнай навукі. Што зрабілі яны і што яны значаць для нас? Гэта даследаванні сур’ёзнага ўзроўню прызнаныя за мяжой па розным накірункам: гісторыя беларускага нацыянальнага руху, стварэнне ВКЛ і інш. Калі сталі руйнаваць Гародню яны сталі галоўнымі актывістамі справы. Гэта прафесійныя гісторыкі, які любяць Беларусь, свой горад і робяць шмат намаганняў для развіцця беларускай навукі. Ды тады супраць чаго выступае гістфак. Да, як не дзіўна, супраць прафесіяналізму ў беларускай гістарычнай навукі, нават супраць самой навукі, за руйнаванне Гародні і Беларусі. І што пры гэтым цікава ў кіруючых структурах падтрымліваюць гэтую антыдзяржаўную дзейнасць. Чаму? Гэта што дрэнна любіць Радзіму і працаваць для яе?
Калі ўстанова займаецца антыдзяржаўнай дзейнасцю яе зачыняюць ці цалкам мяняюць штат.
Шкада, што дыскрэдытавалі добрую ідэю як канферэнцыя па Гродна, гэта магла бы стаць важнай падзеяй
Я выказваю падтрымку сваім калегам і ганаруся іх учынкам.
Прыйшоў час абіраць кім звацца чалавекам ці сукай, і не трэба абвінавачваць абставіны, кожны выбраў сам хто ён/яна.