“Дзякуй Богу, што ў Гродне ёсць грамадскія актывісты”
Автор: happynewbbln2rn
Рубрики:
новости, история, Гродно, интервью, туризм, РАТУЙМА ГРОДНА!
Чым пагражае занядбанне? Чаго каштуе адвечны сон мінуўшчыны і рэанімацыя гісторыі? Што такое кансервацыя і рэстаўрацыя архітэктурных помнікаў? Быць альбо не быць даўняй гісторыі Беларусі?
Радыё Рацыія зрабіла адмысловы праект “Ваяж па руінах – падарожжа ў гісторыю”. У межах медыякампаніі БАЖ “Журналісты за гістарычную спадчыну” журналісты РР праехалі шляхамі гісторыі Гарадзеншчыны ды Берасцейшчыны з тым, каб распавесці, як насамрэч захоўваецца і шануецца наша спадчына.
Ад пачатку ваяжу, разам з экспертам Рацыі па праблемах захавання гісторыка-культурнай спадчыны Антонам Астаповічам, старшынём Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, мы наведалі руіны Крэўскага і Гальшанскага замкаў, пакой прывідаў у гальшанскім кляштары францішканаў ды пабачылі Лідскі замак.
Цяпер мы ў Гродне. Упершыню ў летапісе гэты горад быў згаданы ў 1127 годзе. У 13 стагоддзі ён увайшоў у склад Вялікага княства Літоўскага. У 1391 годзе вялікі князь Ягайла падараваў Гародні частковае Магдэбургскае права, а ў 1440-м горад атрымаў поўнае права на самакіраванне. У сярэдзіне 15 стагоддзя Гародня увайшла ў склад Троіцкага ваяводства Рэчы Паспалітай, а з часоў Стэфана Баторыя на два стагоддзі стала адной з каралеўскіх рэзідэнцый.
Для нас жа вельмі важным з’яўляецца тое, што горад захаваў вялікую частку гістарычнай забудовы і старажытную планіроўку вуліц, якім апошнім часам пагражае знішчэнне. Мясцовыя ўлады актыўна перабудоўваюць Гродна і руйнуюць старажытныя архітэктурныя помнікі. Таму наш эксперт Антон Астаповіч выказаўся наступным чынам:
- Дзякуй Богу, што ў Гродне ёсць вельмі добрыя навукоўцы і грамадскія актывісты, якія апякуюцца сваім горадам. Але ж як толькі пачалася рэканструкцыя Савецкага пляцу, пачалося адвольнае абыходжанне з нацыянальным заканадаўствам аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Цалкам спляжаны ўвесь культурны пласт, земляныя работы без археалагічнага нагляду, без папярэдніх раскопак, новае будаўніцтва ў гістрычных зонах без комплексных навуковых вышуканняў – гэта ўсё парушэнні.
У Гродне нас сустрэў вядомы гісторык Алесь Краўцэвіч. Ён адразу пазначыў два найбольш праблемныя ў адносінах рэстаўрацыі архітэктурныя помнікі – Каложскую царкву і ўнікальны комплекс міжваеннай польскай архітэктуры пад назвай “Новы свет”.
Каложа была збудаваная ў 80-х гадах 12 стагоддзя. У 19 стагоддзі абвалілася яе паўднёвая сцяна і царкву дабудавалі так, каб не кранаць частку старажытнага збудавання – літаральна зрабілі латку. Гэта помнік архітэктуры катэгорыі ZERO, які ахоўваецца ЮНЕСКА. І цяпер ён пад пагрозай:
- Так званыя рэстаўратары пры актыўным удзеле праваслаўнай царквы хочуць яе аднавіць – надбудаваць цыбуліны, купалы. І гэта самая вялікая пагроза, таму што такіх помнікаў у краіне няма.
Так Алесь Краўцэвіч патлумачыў, у чым заключаецца небяспека, а пасля назваў адрозненне беларускай сістэмы рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў ад еўрапейскіх прынцыпаў рэстаўрацыі:
- Тое, што ўвесь час называлася рэстаўрацыяй у Беларусі, было толькі прыкрыццём, імітацыяй рэстаўрацыі. Калі на добрым узроўні рабіліся нейкія даследчыя працы, то само выкананне падрыхтаванага праекту было да нічога. Еўрапейскі прынцып рэстаўрацыі – не зашкодзь, захоўвай, не ведаеш, як рабіць – не рабі.
На вялікі жаль, у нашых рэстаўратараў часцей атрымліваецца шкодзіць. Іх непрафесійнасць дапаўняецца неадукаванасцю, неразуменнем і нядбайнасцю мясцовых уладаў. Прыклад таму – разбурэнне гістарычнага цэнтра Гродна, а таксама пагроза знішчэння забудовы пад назовам “Новы свет”. Пра яе спадар Краўцэвіч сказаў так:
- Гэта забудова зробленая ў 20 – 30-я гады мінулага стагоддзя міжваеннай Польшчай, Другой Рэччу Паспалітай. Гэта было месца, дзе жылі польскія чыноўнікі, адміністрацыя розная. Гэта ўнікальны комплекс, бо будаваўся ў еўрапейскіх традыцыях. У савецкай Беларусі такога не было.

Фактычна “Новы свет” з’яўляецца музеем пад адкрытым небам і можа выкарыстоўвацца ў турыстычных мэтах. Старыя, але прыгожыя і сапраўды аўтэнтычныя дамы забудовы варта было б прыстасаваць пад кавярні, гатэлі, мастацкія галерэі і г.д. Але гарадскія ўлады лічаць за лепшае знесці. Падобныя рашэнні проста не паддаюцца разуменню.
Таму пасля экскурсіі па горадзе мы пакінулі яго ў супярэчлівых пачуццях: у захапленні прыгажосцю старажытнай Гародні і ў абурэнні, выкліканым яго руйнаваннем.
А наперадзе былі Сынкавічы.
І вось перад намі Сынкавіцкая царква-крэпасць. Гэта помнік архітэктуры сусветнага значэння, найбольш старажытны ў Беларусі храм абарончага тыпу, пра які наш эксперт Антон Астаповіч сказаў так:
- Гэта ўвогуле ўнікальны твор. Царква ў больш-менш прыстойным стане, хаця там не захавалася старадаўніх інтэр’ераў. Тэрміновых дзеянняў па рэстаўрацыі гэтага аб’екта нават і не патрэбна. Проста трэба сачыць за яго тэхнічным і санітарным станам, што зараз і робіцца.
Некаторыя даследчыкі называюць датай будоўлі Сынкавіцкай царквы 1407 год, але большасць сыходзіцца на пачатку 16 стагоддзя. Гэта найбольш верагодная дата, таму што з гісторыі вядома, што грошы на будоўлю царквы выдаткоўвала каралева Бона. Але ж мясцовыя святары сцвярджаюць, што царква - перабудаваны замак Вітаўта перыяду 14 стагоддзя. Вось і псаломшчык храма Сяргей Шумец распавёў наступнае:
- Гісторыя храма звязаная з вялікім князем Вітаўтам, які тут хаваўся ў руінах ці то крэпасці, ці то замка, калі бег ад князя Ягайлы, што затачыў Вітаўта ў Крэўскім замку і хацеў забіць. Гэта было ў 1382 годзе. Некалькі месяцаў ён тут перачакаў небяспеку. А пасля зноў заняў свой княскі прэстол і стаў мецэнатам будынка як храма. 25 гадоў будынак пераўтвараўся ў храм і пасля гэтага ў 1407 годзе ён быў асвечаны.
Любая прыгожая легенда мае права на жыццё. Галоўнае, што храм цяпер пад аховай дзяржавы, бо раней, за савецкім часам, у 59-м, ён быў прыстасаваны пад зернасховішча, а ўнікальныя фрэскі на сценах замазаныя фарбай, якая іх знішчыла назаўсёды. У 90-м годзе ўладамі было прынята рашэнне аднавіць царкву, але дзейнічаць яна пачала толькі тры гады назад.
Між тым, студэнт духоўнай акадэміі Іван распавёў нам пра доследы, якія вядуцца на тэрыторыі храма:
- У кастрычніку 2006 года сюды прыязджалі беларускія навукоўцы і даследчыкі з Акадэміі навук. Яны зрабілі частковую лазерную прасветку тэрыторыі і знайшлі на глыбіні 5 – 6 метраў хады. У чыстым полі за званарняй на глыбіні 5 метраў лазер прасвяціў фундамент магутнага будынка прыблізна канца 15 – пачатку 16 стагоддзя. Значыць, тут у свой час, хутчэй за ўсё, быў цэлы храмавы або замкавы комплекс. Нам зараз застаецца толькі чакаць правядзення і вынікаў раскопак.
Так што Сынкавіцкая царква яшчэ не раскрыла ўсе свае таямніцы.
У развагах пра загадкі ды легенды, якія маюць архітэктурныя помнікі, мы пакінулі Сынкавічы, а разам з імі Гродзенскую вобласць з тым, каб наведаць некалькі ўнікальных мясцінаў Брэстчыны. Наперадзе ў нас - старажытны горад Слонім, палацавы комплекс Сапегаў у Ружанах, ды руіны палаца Пуслоўскіх у Косаве…
// Наталля Якавенка, Радыё Рацыя



Отжечь в комментах