У Мінску пройдзе выстава “Гродна – дарог скрыжаванне”
Автор: happynewbbln2rn
Рубрики:
новости, культура
4 сакавіка ў Мінску ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва пры падтрымцы Польскага Інстытута адкрыецца выстава “Гродна - дарог скрыжаванне”.

Гэта будзе выніковая выстава міжнароднага пленэру “Гродна - дарог скрыжаванне”. На ёй будуць прадстаўлены работы мастакоў з Украіны, Польшчы, Расіі і Беларусі. Дамінуючы жанр выстаўленых карцін - пейзаж. Магчыма, на мастакоў паўздзейнічала тое, што жылі і працавалі яны на жывапісным беразе Нёмана, недалёка ад горада.
У знаёмых і блізкіх гродзенцу краявідах энергічная экспрэсіўнасць і хаатычная прыцягальнасць, ціхая задуменнасць і гучнасць каларытных акордаў маладых украінскіх мастакоў з Львова. Узнёслая ўрачыстасць барочных помнікаў Гродзеншчыны - на гэтым спыніліся погляды расійскіх гасцей з Масквы. Знаёмае буянне восенскіх фарбаў у літоўскага мастака і імпрэсіўная лёгкасць звычайнага пейзажу ягонага калегі з Мінску. Глыбокая і зусім асабістая трактоўка рэчаіснасці ў польскіх мэтраў: праніклая праз гады любоў да камерных куточкаў прыроды, гарадскіх вулачак, старых пабудоў і зусім новы погляд на Нёман у срэбным ззянні месяцовай ночы.
І ўрэшце, найбольш вядомыя гарадзенскія мастакі з філасофскай шматзначнасцю сімвалаў, умоўнымі вандроўкамі ў гісторыю Гродна і аб’ектамі самай звычайнай рэчаіснасці - трактар “Беларусь”, які вязе прычэп з бульбай. Як падсумаванне пленэру - агульнае палатно, дзе кожны з удзельнікаў намаляваў кавалачак свайго “я”.
Фундатарамі пленэру выступілі Гродзенскі гарвыканкам, генеральнае консульства Польшчы ў Гродне і генеральнае консульства Літвы ў Гродне.
// Afisha.tut.by



Отжечь в комментах