MediaBarCamp Website

25.01.2008

Рэкляму беларускамоўных садкоў дазволілі…

Автор: danik
Рубрики: новости, Гродно, интервью, учеба

У Гародні сябры бацькоўскага камітэту дамагаюцца адкрыцьця беларускамоўных групаў у дзіцячых садках. Пасьля іх шматлікіх просьбаў чыноўнікі пагадзіліся з тым, каб у гарадзкім транспарце й мясцовых СМІ загучала рэкляма з заклікам аддаваць дзяцей у беларускамоўныя садкі.

Як паведаміў адзін з актывістаў бацькоўскага камітэту Ігар Кузьмініч, у гарвыканкаме дазволілі рэклямаваць садкі, але зьмянілі тэкст абвесткі так, што там больш не засталося тэлефонаў бацькоўскага камітэту, а зьявіліся нумары аддзелаў адукацыі раённых адміністрацыяў. Якраз гэта й турбуе сябраў камітэту.

Кузьмініч:

“Хто зараз будзе адказваць на тэлефанаваньні? Хутчэй за ўсё, гэта будзе звычайны чыноўнік, якому ўсё роўна, набярэцца дзяцей у беларускамоўныя садкі альбо не”.


Рэкляма беларускамоўных садкоў у гарадзкіх тралейбусах гучала месяц таму. Яе падрыхтавалі сябры самастойна створанага бацькоўскага камітэту. Праўда, гэтую рэкляму адразу забаранілі, бо тэкст ня быў зацьверджаны ў аддзеле адукацыі гарвыканкама.

Як кажа Ігар Кузьмініч, бацькоў засмучае тое, што ў горадзе няма спэцыялістаў, якія здолеюць стварыць іх дзецям у садках сапраўдную беларускую атмасфэру.

Кузьмініч:

“Для нас вельмі важна, каб выхавацелька ня толькі ўмела размаўляць па-беларуску, хоць і гэта ў цяперашняй сытуацыі вельмі складана. Але мы яшчэ хацелі б, каб яна любіла дзетак і магла па-сучаснаму іх навучаць”.

Разважаючы пра сытуацыю зь беларускімі садкамі, Ігар Кузьмініч кажа, што іх аднаўленьне даводзіцца пачынаць практычна з чыстага аркуша.

У плянах бацькоўскага камітэту — дамагацца адкрыцьця беларускамоўных школ. Але галоўнае, чаго зараз трэба дамагчыся, на думку Кузьмініча, — набраць дзетак у розных раёнах гораду ў беларускамоўныя групы.

// Радые Свабода



1 Комментарий

  • Fanclaus:

    16:11, 25.01.2008

    дарэчы, цяпер у тралейбусах і аўтобусах прыпынкі аб’яўляюцца па-беларуску. прыемна

Отжечь в комментах



Login