Дзень памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага
Автор: Konrad
Рубрики:
политика, отчёты, история, Гродно, регионы
Расповяд мойго знаёмага пра тое што было у гэтыя выходныя ў Сьвіслачы
У мінулую суботу а 9.00 на пляцоўцы перад абласной філярмоніяй сабраліся ўдзельнікі ўшанаваньня памяці паўстанцаў 1863 г. Мейсцаў на замоўлены аўтобус усім, зразумела, не ставала, таму астатнія дабіраліся разам зь сябрамі на ўласных аўто. Вакол пляцоўкі стаялі варанкі, зь якіх дэсантаваліся на яе супрацоўнікі міліцыі з падмацаваньнем паасобных прадстаўнікоў спэцназу.
Літаральна перад самым ад’ездам у аўтобус уварваўся палкоўнік міліцыі Чабанаў Ю.М., які папярэдзіў, што мерапрыемтсва несанкцыянаванае і калі яно набудзе характар шэсьця або мітынга з сьцягамі, будуць ужытыя захады ў дачыненьні яе арганізатараў – Саранчукова і Мальчыка. Вельмі пацешнымі былі словы палкоўніка “мы знаем про ваше намерение привлечь к акции силы Минска”, што, відаць вельмі напужала мясцовыя ўлады, па просьбе якіх два разы запар быў затрыманы аўтобус зь менчукамі, але аб усім па парадку.
Як толькі палкоўнік скончыў сваю дэклямацыю, аўтобус разам з бадзёрым і баявым настроем удзельнікаў выправіўся ў Сьвіслач. Усю дарогу ехалі пад шчыльным наглядам міліцыі – за аўтобусам безупынна цягнуўся хвост зь міліцэйскай машыны.
У Сьвіслач даехалі без асаблівых перашкод, толькі перад самым уездам у мястэчка, на скрыжаваньні, аўтобус спыніў блёк-пост з супрацоўнікаў мясцовай міліцыі і падагнаннага падмацаваньня спэцназу ў колькасьці 2-х чалавек. У аўтобус увайшоў міліцэйскі начальнік і нахабная асоба з камэрай у рукох. Яшчэ аднаго разу ўсе пачулі завучаную дэклямацыю пра “недопущение несанкционированного……” і паехалі далей.
Сустрэча ўдзельнікаў мерапрыемства адбылася на пляцоўцы насупраць касьцёлу, куды ўжо прыехалі прадстаўнікі розных арганізацыяў зь Менску, Горадні, Мастоў, Ваўкавыску etc. Увесь час паблізу пляцоўкі дзяжурыў маёр Вялічка – заўсягдатай розных гарадзенскіх палітычных акцыяў. Ля яго безупынна бегала нявысьветленая асоба з камэрай і фільмавала сустрэчу ўдзельнікаў ушанаваньня.
Сярод VIP-удзельнікаў былі заўважаныя спадары С.Шушкевіч, В.Вячорка, В.Сіўчык.
Аб 11 гадзіне была агучаная інфармацыя пра затрыманьне аўтобусу менчукоў пад Койданавым (Дзяржынск), вырашылі не чакаць апошніх з спадзевам на тое, што яны далучацца пазьней. Удзельнікі мерапрыемства рушылі ў бок гарадзкіх могілах, дзе спачывае ідэйны натхняльнік паўстаньня 1863 г. Віктар Каліноўскі – брат свайго легендарнага брата. Над ягонай магілай прамовілі ўзьнёслыя словы, ўсклалі кветкі, запалілі зьнічы памяці.
Далей удзельнікі мерапрыемства на аўтобусе разам з картэжам уласных аўто, накіраваліся ў Якушоўку – радавы фальварак Каліноўскіх, на мейсцы якога ўсталяваны вялізны крыж. Лідэры палітычных арганізацыяў зрабілі яскравыя прамовы. Асабліва запомніўся В.Вячорка, які працытаваў “Мужыцкую праўду”, нагадваючы пра яе актуальнасьць і значэньне для сёньняшняй Беларусі і, фактычна, абвесьціў наступны год – годам нашага нацыянальнага сьцяга, які мае залунаць над усёй краінай. У гонар касінэраў Каліноўскага былі пасаджаныя чатыры дубкі, якія ёсьць пачаткам будучай Алеі Паўстанцаў.
Бліжэй да абеду паступае інфармацыя, што аўтобус зь Менску паноўна затрыманы, ужо пад Баранавічамі. Стае зразумелым, што да Сьвіслачы яны, сто адстокаў, не даедуць. Тым часам удзельнікі ўшанаваньня вяртаюцца ў Сьвіслач, дзе ўскладаюць кветкі да помніка Кастусю Каліноўскаму на цэнтральнай плошчы і крочаць, далей, у алею герояў, каб ушанаваць памяць Рамуальда Траўгута – дыктатара паўстаньня 1863 г. Дарэчы ў гэнай алеі, апроч помніка Траўгуту, стаяць помнікі Леніну ды Сталіну (адзіны ў краіне) і чамусьці прыбралі бюст з помніка Каліноўскаму. Гэтая алея - стоадсоткавы беларускі постмадэрнізм! Прапаную наведаць кожнаму.
Пасьля ўшанаваньня ўдзельнікі мерапрыемства скіравілся ў лясны гушчар на традыцыйнае мейсца ля рачулкі Сьвіслач, каб паслухаць натхняльныя песьні барда Андрэя Мельнікава, пакаштаваць славутую сьвіслацкую карчоўку, пачаставацца гарачай юшкай й правесьці добры час у сяброўскай кампаніі.
Бадай, адзіная загана, якая была падчас акцыі, тое, што не было ніводнага бел-чырвона-белага сьцяга. Я мяркую, гэта можна акрэсьліць як латэнтны канфармізм – вельмі небясьпечная зьява апошніх часоў.


Николай:
21:24, 29.10.2007
Нічога не разумею. Некалі ў школе мы вывучалі гісторыю, там шла гаворка і пра К.Каліноўскага. Здаецца ў добрым сэнсе. Чаму ж зараз нехта супраць гэтай фігуры? Нічога не разумею…
Вадзік:
13:17, 30.10.2007
“Бадай, адзіная загана, якая была падчас акцыі, тое, што не было ніводнага бел-чырвона-белага сьцяга. Я мяркую, гэта можна акрэсьліць як латэнтны канфармізм – вельмі небясьпечная зьява апошніх часоў.” - Андрусь, перш чым крытыкаваць за гэта мясцовых арганізатараў, задай сабе і адкажы на пытанне: “Чаму ты не заняў тое месца ў аўтобусе, якое прасіў патрымаць, не паехаў на Свіслач і не стаў адзіным, хто ўздыме сцяг?” вельмі проста пісаць пра педзею, абмяркоўваць, крытыкаваць не прымаўшы ўдзелу ў арганізацыі…