АБАРАНІ ГОРАДНЮ!
Автор: daroha
Рубрики:
история, Гродно, РАТУЙМА ГРОДНА!
добра, хопіць румзаць.
аніякае палітыкі. выключна жлобства, манкурцтва, брудныя грошы, крымінал. зрэшты, як і паўсюль у беларусі. краіну разрабоўваюць, прадаюць, зьнішчаюць - дзеля ўласнае кішэні. горадня - не вынятак. закон ня дзейнічае. таму прыгожыя словы пра вяршэнства закону, маральную перавагу etc. асабіста я пакідаю нашчадкам.
я ненавіджу рб як абсалютна крымінальную дэнацыяналізаваную зьяву. гэта не мая беларусь, якую я люблю ўсім сэрцам. гэта сыстэма, якая ваюе супраць мяне, супраць нас - подла, без аніякае маралі, без аніякага абвяшчэньня вайны.
калі пачынаецца вайна, зьяўляюцца партызаны. час дзейнічаць! я заклікаю ўсіх да дзеяньня.
***
дзеці, моладзь, дарослыя і сталыя грамадзяне, гарадзенцы!
нашае з вамі места, горадню, нішчаць у нас на вачох. гістарычныя будынкі руйнуюцца дзеля пабудовы на іх месцы катэджаў і элітарных дамоў, будучыя жыхары якіх мусяць і абавязкова будуць сядзець у турме. старажытная цэгла з камяніцаў і сярэднявечны брук ідуць на продаж у прыватныя рукі - зь іх будуюцца катэджы й лецішчы, заліваюцца падмуркі, ставяцца коміны.
людзі, якія сёньня пры ўладзе, адкрыта парушаюць беларускае й міжнароднае заканадаўства. прыкладаў і сьведчаньняў гэткіх парушэньняў - безьліч. заўвагі і пратэсты збоку грамадзкасьці і асобных дзяржаўных інстытуцыяў ігнаруюцца.
здымкі яшчэ двохгадовай даўніны засьведчылі нашую горадню як найпрыгажэйшае места ў краіне, багатае на паркі і сквэры. сёньня замест зеляніны мы бачым адно бэтонную плітку. цэнтар горадні ператвораны ў каменны мех. смурод, бруд - атрыбуты сёньняшняй “рэканструкцыі” і ейных вынікаў.
разам з чыноўнікамі нам здрадзілі і тыя, хто мусіў бараніць горадню паводле свайго прафэсійнага абавязку. “рэканструктараў” абслугоўваюць прыдворныя сабакі - псэўдагісторыкі і псэўдаархеолягі. астатнія - збольшага маўчаць, робяць выгляд, што іх хата з краю. ну й халера зь імі! калі сёньня патрэбная іх дапамога - заўтра з-за свайго злачыннага бязьдзеяньня яны будуць ужо нікому непатрэбныя.
заклікаю кожнага з вас далучыцца да абароны горадні ад “бульдозэрнай рэканструкцыі”, ад яе фактычнага зьнішчэньня.
першасная задача сёньня - узьняць інфармацыйную хвалю, каб улады ня здолелі замаўчаць свае злачынствы, перакруціць іх на свой капыл. чым большая будзе хваля, тым больш людзей даведаецца пра тое, што сёньня робіцца ў горадні, і тым больш людзей будзе гатовыя ўставаць пад экскаватары і бульдозэры.
вырабляйце і прадукуйце ўлёткі, налепкі, іншыя інфармацыйныя і агітацыйныя матэрыялы. распаўсюджвайце іх як мага шырэй. пачнеце з сваіх суседзяў, свайго пад’езду, дому, навучальнай установы, месца працы. прымусьце іншых размаўляць пра “рэканструкцыю” на кухнях, у транспарце, на вуліцах.
вырабляйце кашулькі з тэматычнымі надпісамі. хутка - цёплая пара. папросту насеце на сабе гэтыя кашулькі.
зьбірайце ў абарону горадні подпісы. збор подпісаў - яшчэ адна выдатная магчымасьць інфармаваць гарадзенцаў пра зьнішчэньне горадні. а іхныя подпісы - гэта дадатковыя галасы ў абароны горадні і ў падтрымку нашае справы.
журналісты! паслужыце свайму народу і сваёй краіне! вы ўмееце пісаць і гаварыць - пакажэце, на што вы здольныя. пішэце болей матэрыялаў у тыя смі, на якія вы працуеце. у вольны ад працы час дапамагайце актывістам складаць тэксты ўлётак, раздаткавых матэрыялаў. праводзьце журналісцкія расьсьледаваньні з мэтай выявіць канкрэтных замоўцаў і выканаўцаў “рэканструкцыі”. дапамажэце скласьці чорны сьпіс суўдзельнікаў зьнішчэньня горадні, напоўніце гэты сьпіс падрабязнымі дасье й пералікам злачынстваў кожнага з фігурантаў сьпісу.
фатографы! фатаграфуйце працэс зьнішчэньня горадні. фіксуйце ўсе твары, якія зьяўляюцца на “будаўнічых аб’ектах”, нумары службовых і прыватных аўтамабіляў.
усе, хто валодае тэхналёгіямі відэа! дапамагайце вашым калегам-фатографам!
супрацоўнікі дзяржаўных установаў і будаўнічых арганізацыяў. якія маюць дачыненьне да “рэканструкцыі”! сабатуйце дзейнасьць вашых арганізацыяў, зьнішчайце, псуйце ці хавайце дакумэнтацыю, датычную “рэканструкцыі” - з мэтай замарудзіць апошнюю, адкласьці яе на нейкі час дзеля аднаўленьня папсаваных папер. рабеце копіі ўсіх дакумэнтаў, якія патрапяць вам у рукі - перадавайце нам пляны “рэканструктараў” разам мы здолеем супрацьстаяць ім.
моладзь! вы - рукі й ногі, вы - гарачыя сэрцы і сьветлыя галовы! у кожнага/кожнай з вас уласныя захапленьні й заняткі. у вас свае згуртаваньні, кампаніі. распаўсюджвайце інфармацыю пра зьнішчэньне горадні сярод сваіх сяброў і знаёмцаў, мабілізуйце іх. арганізоўвайце акцыі негвалтоўнага супраціву: шэсьці, флэш-мобы, пэрформэнсы etc.
будзьце гатовыя да маральнага і фізычнага супрацьстаяньня. магчыма, кагосьці арыштуюць, неяк пакараюць - гэтага ня трэба баяцца, хоць гэта й вельмі рэальна. я заклікаю кожнага зрабіць свой выбар і далей дзейнічаць, не марнуючы час на пустыя ваганьні.
магчыма, ужо заўтра нам давядзецца зноўку станавіцца пад экскаватары - ня бойцеся і гэтага. на забойства ніхто ня пойдзе. прынамсі простыя будаўнікі на сябе гэткі грэх ня возьмуць, як ня ўзялі тады, калі некалькі юнакоў і дзяўчат скокнулі пад экскаватарны коўш, баронячы падмуркі палацу радзівілаў.
ня бойцеся. разам мы здольныя на многае. кожны з нас - герой. кожны зь іх - здрайца, злачынца. і кожнага зь іх чакае наш суд.
абвяшчаю агульную мабілізацыю!
ЧАС ДЗЕЙНІЧАЦЬ! СКАЖЫ СВАЁ СЛОВА Й ПЕРАТВАРЫ ЯГО Ў ДЗЕЯНЬНЕ!


К:
23:29, 01.05.2007
http://forum.grodno.net/YaBB.pl?action=dereferer;url=http://www.harodnia.com/a55.php - усім сюды!
zloykak @:
10:06, 02.05.2007
ты хотел дать эту ссылку? http://www.harodnia.com/a55.php