Менск, Горадня… Хто наступны?
Автор: Svindzer
Рубрики:
новости, история, Гродно, интервью, РАТУЙМА ГРОДНА!
Вандалізм дзяржаўнага ўзроўню ў Рэспубліцы Беларусь з кожным тыднем набірае новыя маштабы. Пасьля рашэньня сталічных уладаў аб рэканструкцыі Бэрнардынскага кляштару ў гатэльны комплекс, не жадаюць адставаць ад менскіх чыноўнікаў іх гарадзенскія калегі. Ужо неўзабаве можа цалкам зьікнуць гістарычны цэнтар Горадні. Плян адобрыла Міністэрства культуры краіны.
Напрыканцы мінулага тыдня Беларуская рэспубліканская навукова-мэтадычная рада па пытаньнях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры падчас выязнога паседжаньня адобрыла прапановы Гарадзенскага гарадзкога выканаўчага камітэту пра рэканструкцыю старой Горадні. Гаворка йдзе пра фактычна зьнішчэньне той часткі гораду, якая зараз фігуруе на паштоўках, прысьвечаных помнікам архітэктуру гораду – зьнішчэньне ўсяго гэтак званага Новага Сьвету, а таксама шэрага будынкаў 18 ст.
Якія канкрэтна часткі Горадні могуць зьнікнуць у выніку рашэньня чыноўнікаў? - распавядае гарадзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч.
А. Вашкевіч:
У першую чаргу гэта квартал паміж вуліцамі Дзяржынскага –Міцкевіча – 17 верасьня – Горкага – Астроўскага. Гэты квартал плянуецца зьнішчыць цалкам, а іншыя аб’екты – гэта розныя будынкі параскіданыя па горадзе. Гэта будынкі з канца 20 ст. да 30-ых гадоў самых розных стыляў – канструктывізм, эклектыка, мадэрн. Паводле новага пляну, там мае быць раён з трох-, пяціпавярховымі забудовамі для «новых беларусаў». Пэўныя рэчы ўлады зьбіраюцца захаваць, але гэта можа чацьвертая частка ўсяго таго, што там ёсьць.
Гарадзенцы прапанавалі ўладам свой праект, паводле якога, усе камунікацыйныя праблемы Горадні могуць вырашыцца без неабходнасьці разбурэньня старога гораду. Гаворыць чалец гісторыка-культурнага таварыства «Этна» Вольга Чайчыц.
В. Чайчыц:
Альтэрнатыўны праект пабудовы новых дарог адпавядае і Генпляну гораду, і транспартнай дакумэнтыцыі. Мы хочам, каб у першую чаргу былі збудаваныя аб’язныя дарогі, пасьля паўстае новы мост у раёне чыгуначнага вакзалу й толькі пасьля гэтага магчыма нешта рабіць са старым мостам. Калі рабіць паводле пляну мясцовых уладаў, то гэта прывядзе да стварэньня вялікай плыні аўтамабіляў у раёне гістарычнага цэнтру. Гэта супярэчыць закону аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны й законе аб архітэктурна-горадабудаўнічай працы, а таксама супярэчць Генпляну. Мы хочам, каб усё было паводле закону, і будзем падаваць дакумэнты ў пракуратуру.
Пакуль чыноўнікі ніяк не рэагуюць на прапановы грамадзкасьці. Чальцы «Этна» зьвярталіся па дапамогу ў Міністэрствы культуры ды архітэктуры. Ад апошняга «этнаўцы» атрымалі пратакол, у якім пагаджаюццца з пазыцыяй аб’яднаньня. Адначасова Міністэрства архітэктуры накіравала ліст да гарадзенскіх чыноўнікаў, у якім просіць захаваць этапнасьць працаў. Праблема аднак у тым, што ў Беларусі міністэрствы ня маюць права ўмешвацца ў дзейнасьць мясцовых уладаў. А іх прапановы маюць выключна рэкамэндацыйны характар.
Аднак старшыня таварыства «Этна» Павал Каралёў перакананы, што неабходна далей спрабаваць дамовіцца зь мясцовымі ўладамі.
П. Каралёў:
Я ўпэўнены, што трэба імкнуцца. У Менску, падчас паседжаньня Міністэрства архітэктуры, чыноўнікі нас падтрымалі. Да 1 траўня гарадзкі выканаўчы камітэт мае правесьці працяг гэтага паседжаньня. Мноства менскіх архітэктараў і транспартнікаў, па сутнасьці, падтрымліваюць нашыя прапановы й заўвагі.
А ў чым заключаецца сэнс дзеяньняў чыноўнікаў? Ці гэта вынік недахопу адпаведнай адукацыі, ці за гэтым стаяць інтарэсы «вялікіх людзей»?
П. Каралёў:
Верагодна, апошняе. Проста так парушаць транспартную схему мала хто будзе. Што стаіць за прычынамі, вядома толькі ў Гарадзенскім гарвыканкаме. Нам кажуць, што гэта абумоўлена эканомнасьцю, бо значна таньней правесьці рэканструкцыю старога маста, чым пабудаваць новы. Аднак спасылацца на эканамічную мэтазгоднасьць, а адначасова парушаць Генплян проста немагчыма. У Міністэрстве архітэктуры нас запэўнілі, што яны не падпішуць такога пляну.
Гарадзенец Сьцяпан Сьвідзерскі таксама перакананы, што коштам зьнішчэньня помнікаў архітэктуры пэўныя асобы жадаюць зарабіць грошы на нерухомасьці.
С. Сьвідзерскі:
Хутчэй за ўсё, знайшліся людзі, якім вельмі спадабалася зямля ў цэнтры гораду. Паколькі кошты на нерухомасьць увесь час растуць і на сёньняшні дзень гэта найлепшы спосаб укладаньня грошаў, то, відаць, знайшліся набліжаныя да гарадзенскага губэрнатара людзі, якія вырашылі здабыць сабе жытло ў цэнтры гораду. Наколькі я ведаю, ужо нават ёсьць інвэстары на забудову вызваленых тэрыторыяў. Ёсьць толькі адзін шлях вырашэньня сытуацыі – гэта прыцягненьне як мага большай ўвагі грамадзкасьці, а таксама правядзеньне вулічных акцыяў супраць заплянаваных акцыяў вандалізму.
Больш падрабязную інфармацыю наконт плянаў гарадзкіх уладаў Горадні зьнішчыць гістрачны цэнтар гораду, а таксама здымкі старой часткі Гародні можна знайсьці на сайце www.harodnia.com
// Дзьмітры Гурневіч, polskieradio.pl



Отжечь в комментах