Хлопчык памёр, так і не атрымаўшы дапамогі
-
Васьмігадовы Максім Якубеня памёр у роднай вёсцы Лунна Мастоўскага раёну Гродзенскай вобласці, не патрапіўшы ні ў мясцовую бальніцу — яе ліквідавалі, ні ў амбулаторыю — у нядзелю яна не працуе.
Бліжэйшая лякарня знаходзіцца ў 25 кіламетрах. “Хуткая” адтуль едзе каля гадзіны. Як адбылася гісторыя, расказвае бацька Максіма Юрый Якубеня:
“Максім ехаў на аўтобусе з яго бабуляй. Бегаў каля аўтобуса, гуляў. І перад аўтобусам упаў. Яго данеслі ў аўтобус. І адразу хутка паляцелі ў Лунна ў амбулаторыю. Лунненская амбулаторыя была закрытая. Папрасілі кіроўцу, каб ён адвёз да нашых месных урачоў.
Ну, урача выклікалі, пад’ехалі пад яго дом. Урач выйшаў і сказаў, што ўжо ўсё… дзіця мёртвае. Як урачы пасля сказалі — рабілі анатаміраванне — разрыў галаўнога сасуда”.
У 2005 годзе вёска Лунна стала называцца модным словам “аграгарадок”. Але яшчэ ў 2003 годзе Мастоўскі райвыканкам запланаваў рэарганізацыю бальніцы ў Лунна на 25 коек у амбулаторыю.
Прычым бальніца гэтая існавала ў вёсцы амаль з пасляваенных часоў. Жыхары не пагадзіліся з яе закрыццём і накіравалі ў райвыканкам больш за тысячу подпісаў. Тады бальніцу захавалі.
У 2004 годзе яе закрылі на рамонт. І да пачатку мая 2006-га яна працавала як стацыянар на 10 коек. Пасля зноў пачаліся размовы пра закрыццё. Вяскоўцы зноў сталі дасылаць лісты: у прэсу, Міністэрства аховы здароўя, адміністрацыю прэзідэнта. Адказ заўсёды быў аднолькавы: як вырашыць мясцовы райвыканкам, так і будзе.
У жніўні мінулага года райвыканкам вырашыў бальніцу ліквідаваць. Засталася толькі амбулаторыя. Гаворыць дэпутат Лунненскага сельсавета Аляксандр Пудаўкін:
“На самой справе, вы маеце права яшчэ на 2-3 гадзіны пасля працэдуры там застацца. Але ў любым выпадку вечарам, калі амбулаторыя зачыняецца, вы мусіце пайсці дадому.
Сельскія стацыянары закрываюцца. Я ведаю, што ў нас у Гродзенскай вобласці закрылі 3 стацыянары за апошнія 5 год. То бок, размова ўжо не ідзе аб развіцці медыцынскага абслугоўвання, тым больш у аграгарадках.
На самой справе, гэтыя іхнія дзеянні – закрыццё стацыянару – гэта спроба выратавацца, каб хоць неяк зэканоміць. Цяпер не хапае грошай не толькі на бальніцу, але і на ўсё ўвогуле”.
Аднак ва ўпраўленні аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама бачаць іншую прычыну ў закрыцці стацыянару. Там заявілі, што пераўтварэнне бальніцы ў амбулаторыю “ніяк не пагоршыць медыцынскую дапамогу насельніцтву”. І яшчэ напярэдадні закрыцця бальніцы паабяцалі вяскоўцам набыць дадатковы транспарт і зладзіць кругласуткавы сястрынскі пост.
Нічога з абяцанага зроблена не было. Усю астатнюю стацыянарную дапамогу паабяцалі аказваць у раённай бальніцы, да якой ад Лунна — 25 кіламетраў, ад іншых вёсак Мастоўскага раёну і таго больш — за 40”.
Дэпутат Лунненскага сельсавета Аляксндр Пудаўкін зачытаў Еўрапейскаму радыё ліст, які даслаў яму галоўны ўрач Мастоўскай бальніцы Алег Трушко:
“Ён піша: “У адпаведнасці з дзейючымі штатнымі нарматывамі, заснаванымі указам Міністэрства аховы здароўя, адкрыццё кругласуткавага сястрынскага паста не прадугледжана”… То бок, атрымліваецца, там абяцалі, а тут увогуле ўжо нічога.
І далей піша:
“Кругласуткавы сястрынскі пост на базе ўрачэбнай амбулаторыі ў Лунно не вырашае пытання аб аказанні экстраннай медыцынскай дапамогі, таму што неабходная менавіта кваліфікаваная ўрачэбная дапамога”.
Як дапамогу збіраюцца аказваць, у лісце не пазначана. А пакуль пра гэта ніхто не ведае, сваякі Максіма працягваюць задавацца пытаннем “чаму?” Гаворыць дзядуля хлопчыка Іван Аляксандравіч Якубеня:
“Што тут было, ніхто нічога не ведае. Тут да нас і міліцыя прыязджала, і… Толькі… Вось урачы чаму не дапамаглі?”
Гэтае пытанне яшчэ не аднойчы будзе турбаваць родных Максіма Якубені. Аднак на яго наўрад ці адкажуць у дзяржаўных установах і ў прыватнасці тыя, хто распрацоўваў Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця і адраджэння сяла.
У ёй напісана, што ў аграгарадках “прадугледжана інфраструктура для забеспячэння сацыяльных стандартаў жыхарам”. Сярод сацыяльных стандартаў у Праграме пазначана амбулаторыя. Аднак хочацца, каб здароўе і жыццё людзей таксама з’явіліся сярод стандартаў, якімі будуць кірвацца ў нашай краіне.
// Віталіна Грахоўская,



















Свежие комментарии